Навіны горада

13 лістапада 2017 Дзе нараджаецца настрой фестывалю. Прадстаўнікі нацыянальных дыяспар рыхтуюцца да XII Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур

Адборачныя туры ўжо прайшлі ў Брэсцкай, Гомельскай і Віцебскай абласцях. 25 лістапада сваю творчасць пакажуць прадстаўнікі нацыянальнасцяў, якія пражываюць на Гродзеншчыне. Пазней – жыхары Магілёўскай, Мінскай абласцей і сталіцы. Кожная вобласць прадстаўляе музычныя, песенныя і танцавальныя нумары, невялікія тэатральныя пастаноўкі. Таксама прэзентуюць дэкаратыўна-прыкладную творчасць, кулінарныя традыцыі - усе тыя аспекты нацыянальнай культуры, якія бачаць госці фестывалю ў Гродне. Задача журы - выбраць самае ўнікальнае.

– Нам цікава, каб прадстаўленыя нумары злучалі сцэнічнасць і нацыянальную самабытнасць. Напрыклад, мы ўжо бачылі выступ цыганкі, якая адна захапіла ўсю залу, і казаха, які ўразіў гучаннем нумара. Самабытнае, нацыянальнае жыве ў іх. І гэта прыцягвае ў першую чаргу. Калі нумар занадта сцэнічны, выглянцаваны, адшліфаваны, гэта не так цікава, – распавяла Вольга Багдановіч. – Звяртаем увагу і на касцюмы, часам даем рэкамендацыі абнавіць іх да фестывалю. Парадавала з'яўленне новых нацыянальнасцей: сваю культуру прэзентавалі прадстаўнікі Лацінскай Амерыкі, тамілы – народнасць у Індыі. Іх мы разглядаем як патэнцыйных удзельнікаў будучага фестывалю. Выдатна прайшлі прэзентацыі нацыянальнай кухні – не проста стравы, а іх падача, застольныя традыцыі, жарты, песні.

Што асабліва важна, ў захаванні культуры бачная пераемнасць: у адборачных турах актыўна ўдзельнічаюць дзіцячыя і маладзёжныя калектывы. Значыць, дыяспары развіваюцца. Жывучы ў Беларусі, захоўваюць свае традыцыі, культуру, перадаюць іх наступным пакаленням.

25 лістапада адборачны тур пройдзе ў Лідзе. Пабываць могуць усе жадаючыя.

– Па выніках першых трох адборачных тураў магу сказаць, што паўтораў мінулых гадоў вельмі няшмат, – адзначыла Вольга Багдановіч. – Глядач, які паглядзіць канцэртную праграму фестывалю, пройдзе па падворках, адназначна ўбачыць у будучым годзе шмат новага і цікавага.

Па матэрыялах газеты "Гродзенская праўда"