Навіны горада

6 лютага 2018 Гродна – пераможца рэспубліканскага конкурсу “Горад культуры” ў намінацыі “Лепшы абласны цэнтр”

Гродна – горад, які жыве насычаным культурным жыццём: музеі, тэатры, калектывы, якія вядомы далёка за межамі Беларусі. Асаблівую ўвагу тут надаюць захаванню архітэктурнай спадчыны. Самыя маштабныя работы летась вяліся на Каложскай царкве і Старым замку.

 

Кожны год для горада – гэта новыя цікавыя праекты, новыя адценні традыцыйных свят. У абласным цэнтры, адзіным у Беларусі, праходзіць свята рамеснікаў "Казюкі". Багатыя традыцыі мае “Каложскі благавест”, прывабным стаў фестываль вулічнага мастацтва. У Гродне збіраюцца з розных краін фокуснікі на фестываль “Magic Show”, байкеры – на фестваль “Хавайся ў бульбу!”, праходзяць фестывалі джазу, класічнай музыкі “TyzenHouse”, арганнай і камернай музыкі, фестываль красак “СolorFest ”… Кожны год у горадзе праводзіцца каля тысячы культурна-масавых мерапрыемстваў.

 

Мінулы год таксама запомніўся шматлікімі цікавымі праектамі. Многія з іх былі максімальна адкрытымі для гледачоў, ладзіліся на свежым паветры. Самым маштабным можна назваць прымеркаваны да Дня Незалежнасці марафон канцэртаў “Талентаў россып да свята краіны”. Набыў сваіх прыхільнікаў праект “Воскресенье у Дворца”, калі ўлетку кожную нядзелю на сцэне каля ДК тэкстыльшчыкаў выступалі творчыя калектывы і выканаўцы. Тут жа ладзіліся выставы калекцыянераў “Гарадзенскі скарабей”.

 

Упершыню гасцей сабраў фестываль нацыяльных блюд і напояў “Карто-fun”.

Па-новаму загучала пляцоўка музея гісторыі рэлігіі. У дадатак да фестывалю нямога кіно ў дворыку можна было паглядзець спектаклі абласнога тэатра лялек. Ладзіліся тут музычныя праекты, у тым ліку абласной філармоніі “Музыкальная среда”. Прывабным быў яшчэ адзін праект філармоніі – канцэрты на балконе.

Шмат цікавых мерапрыемстваў і свят, якія знаёмяць з традыцыйнымі рамёствамі, ладзіцца ў Цэнтры спадчыны гарадскога Цэнтра культуры.

Як заўсёды, папулярнасцю карыстаюцца праекты Гродзенскай капэлы. Летась калектыў парадаваў гледачоў праграмай “Вайна і мір” у Фарным касцёле.