Навіны горада

9 чэрвеня 2018 Больш за дзвесце залатых медалёў ўручылі выпускнікам Гродна

Урачыстая цырымонія ўручэння залатых і сярэбраных медалёў выпускнікам школ, гімназій і ліцэя Гродна прайшла ў абласным драматычным тэатры. З 224 узнагароджаных – 209 залатыя медалісты.

Узнагароджваючы выпускнікоў, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч адзначыў:

- Сёння ў гэтай зале самыя лепшыя, самыя таленавітыя юнакі і дзяўчаты, учарашнія школьнікі Гродна. Зусім хутка вы будзеце здаваць тэставанне, уступныя іспыты ў вну. Перакананы, што пакажаце годны вынік, праявіце сябе з лепшага боку. Самае галоўнае цяпер – выбраць прафесію па душы, якая радавала б вас ўсё жыццё. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для атрымання вышэйшай адукацыі.

Многія з вас праславілі Гродзеншчыну на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. Мы ганарымся вамі і выказваем словы падзякі педагогам і бацькам. Жадаю вам мець не толькі высокі баль, трывалыя веды, але і любіць сваю радзіму. Вы – наша сучаснасць, наша будучыня, ад вас залежыць далейшы росквіт нашай краіны.

Віншуючы выпускнікоў, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой падкрэсліў, што, у параўнанні з мінулым годам, колькасць медалістаў павялічылася на 50 чалавек. Ён пажадаў выпускнікам атрымаць патрэбную прафесію і вярнуцца ў Гродна, каб працаваць на карысць роднага горада.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Курганская, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Кір’як і іншыя.

Па матэрыялах газеты «Гродзенская праўда»