Навіны горада

5 ліпеня 2018 6 ліпеня Гродна прыме ўдзельнікаў самай працяглай факельнай эстафеты свету

Упершыню гэты прабег прайшоў яшчэ ў 1987 годзе. Беларусь жа прымае эстафету ўжо 22 раз. За гэты час факел свету, які бегуны перадаюць з рук у рукі, пранеслі па нашых гарадах тысячы чалавек. Гэты важны атрыбут сімвалізуе дружбу і добрую волю, натхняючы сотні людзей на планеце далучацца да гэтага праекту. У гэтым годзе ў склад міжнароднай каманды ўваходзяць бегуны з дзесяці краін. Стартавала факельная эстафета ў канцы лютага ў Балгарыі, а вось фінішуе 11 ліпеня ў Латвіі. У Беларусі бегунам трэба будзе пераадолець больш за паўтысячы кіламетраў, частку дыстанцыі спартсмены пройдуць па тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Маршрут дыстанцыі ў нашай краіне быў спланаваны з улікам таго, што мерапрыемства прымеркавана да Дня Незалежнасці рэспублікі.

Яўген Арадзь начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта:
-У працэсе самога руху спартсмены і аматары бегу далучаюць насельніцтва гарадоў да тых знамянальных месцаў і помнікаў, якія нагадваюць пра падзеі вайны. Бягуць у асноўным аматары, прафесіяналы не ўдзельнічаюць.

А ўжо ў наступныя выхадныя аматары марафонскага бегу змогуць прыняць удзел і суперажываць за спартсменаў падчас традыцыйнага міжнароднага марафону дружбы «Друскінінкай - Гродна». Ён пройдзе ўжо ў восьмы раз. Самым шматлікім стаў прабег 2015 года, калі на старт выйшлі 180 лёгкаатлетаў. У гэты раз пераадолець дыстанцыю ў 35 кіламетраў выказалі жаданне 117 чалавек.

Па матэрыялах «Гродна Плюс»