Навіны горада

10 ліпеня 2018 Гродна і Сакулка адкрыюць тры турыстычных маршруты і рэканструююць будынак часоў Тызенгаўза

У пачатку жніўня стартуе праект «Шляхам Тызенгаўза – стварэнне турыстычнага маршруту з мэтай прасоўвання культурна-гістарычнай спадчыны двух гарадоў: Сакулкі і Гродна».

Партнёрамі праекта вызначаны Сакульскі муніцыпалітэт Рэспублікі Польшча і аддзел спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама, абласное аддзяленне ГА «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз».

У мінулыя выхадныя ў Сакулцы адбылося падпісанне партнёрскай дамовы, якая рэалізуецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой і бурмістр Сакулкі Эва Кулікоўская. У дэлегацыю ад нашай вобласці ўключылі дзіцячую футбольную каманду ДЮСШ пры ФК «Нёман», якая правяла матч са сваімі аднагодкамі з клуба «Сакулка». Матч завяршыўся баявой нічыёй з лікам 1:1. Таксама было арганізавана свята для дзяцей, у якім актыўны ўдзел прынялі жыхары польскага горада.

- Ужо ў першыя дні жніўня, пасля атрымання першага грашовага траншу мы актыўна прыступаем да рэалізацыі праекта,- распавёў намеснік старшыні ГА «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Сяргей Каляда.

Праект прадугледжвае стварэнне турыстычнага маршруту для рэкламы культурнай і гістарычнай спадчыны двух гарадоў. Яго агульная працягласць 59 кіламетраў, з якіх 33 на нашай тэрыторыі. Скаардынаваныя сумесныя дзеянні па абодва бакі мяжы. У рамках праекта будуць рэканструяваны два гістарычных будынка пад культурныя, адукацыйныя і турыстычныя мэты. У Гродна гэта будынак на плошчы Тызенгаўза, 2, дзе месціўся ў свой час гістарычны архіў. Падобны будынак у свой час былы гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз пабудаваў у Сакулцы. Праектам прадугледжана стварэнне турыстычнага інфармацыйнага цэнтра ў Сакулцы, а ў гродзенскім цэнтры на вуліцы Ажэшкі запланавана мадэрнізацыя для прадастаўлення шырокага спектру турыстычных паслуг.

Таксама ў гэтых гарадах для моладзі адкрыюцца рамесныя майстэрні. Акрамя таго, у Гродна і Сакулцы будуць створаны адукацыйныя сцежкі для турыстаў, два веласіпедных і адзін пешаходны маршруты. Вялікакняжацкая сцежка будзе працягласцю 18 кіламетраў, каралеўская -7,5 кіламетра. Ад польскай мяжы ў Брузгах плануецца пусціць веладарожку ўздоўж Юбілейнага возера і вывесці яе на вуліцу Суворава.

У рамках рэалізацыі праекта пройдуць тры міжнародныя канферэнцыі, чатыры веласіпедныя ралі, майстар-класы па маляванні пад адкрытым небам, трэнінгі для арганізатараў турызму і супрацоўнікаў мясцовага самакіравання, будуць праведзены гістарычныя пастаноўкі на трох мовах часоў Тызенгаўза.

Турыстычная інфраструктура будзе развівацца ўздоўж памежнай зоны пасля стварэння сумеснай турыстычнай прапановы.

Як паведаміў Сяргей Каляда, прайшоў архітэктурную экспертызу праект рэстаўрацыі дома Тызенгаўза ў Гродна. На думку супрацоўніка аддзела гісторыі сярэднявечча і пачатку новага часу кандыдата гістарычных навук НАН Беларусі Анастасіі Скеп'ян, Гродна мае шанец цалкам аднавіць аблічча будынка, у якім пражываў гродзенскі стараста. Такія шанцы ёсць і ў абследаваным ёй палацы польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, размешчаным сёння на тэрыторыі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта і падлегламу рэстаўрацыі ў наступным годзе.

Па матэрыялах «Гродзенская праўда»