Навіны

19 ліпеня 2018
Гарадскія паркі паўторна апрацуюць ад кляшчоў

З 23 ліпеня спецыялісты Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі плануюць пачаць паўторную апрацоўку паркаў. У панядзелак першым стане Каложскі парк. Калі дазволяць ўмовы надвор'я, праца працягнецца ў аўторак і сераду ва ўрочышчах Пышкі і Ласосна. У чацвер, 26 ліпеня, кляшчам будзе дадзены бой у лесапаркавай тэрыторыі Румлёва, у лясных масівах па вуліцы Томіна і Кабяка. Таксама спецыялісты апрацуюць зону адпачынку «Альшанка» у мікрараёне Паўднёвы.

Асаблівая ўвага будзе нададзена «зялёнцы», дзе пралягаюць пешаходныя і веладарожкі, знаходзяцца спортпляцоўкі і месцы арганізаванага адпачынку насельніцтва. Пад абаронай сродку апынецца тэрыторыя амаль у 68,5 тысячы квадратных метраў. На працягу трох дзён пасля супрацьклешчавых мерапрыемстваў гуляць у гарадскіх парках не рэкамендуецца.

Апрацоўка праводзіцца метадам распылення з выкарыстаннем прэпарата для знішчэння іксодавых кляшчоў, рэкамендаваным Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Па матэрыялах «Гродзенская праўда»