Навіны горада

29 лістапада 2018 Больш за 120 маладых журналістаў з усёй рэспублікі пазнаёміліся з Гродна

Аб прамысловым, турыстычным, культурным патэнцыяле горада, аб перспектывах яго развіцця распавёў удзельнікам VI форуму маладых журналістаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. У гэтым годзе месцам для злёту маладых супрацоўнікаў СМІ Гродна стаў нездарма – па выніках рэспубліканскага конкурсу «Горад культуры» ён быў прызнаны лепшым абласным цэнтрам.

Ад маладых прадстаўнікоў прэсы падчас сустрэчы прагучала нямала пытанняў: якім чынам у горадзе падтрымліваюцца моладзевыя ініцыятывы, чым дапамагаюць СМІ, як журналісты атрымліваюць аператыўную інфармацыю аб гарадскіх падзеях.

Як адзначыў старшыня гарвыканкама, праблемы, якія журналісты падымаюць на старонках газет і ў радыё - і тэлеэфіры, служаць органам улады свайго роду падказкай, як палепшыць якасць жыцця насельніцтва.

Супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі – гэта нашы першыя памочнікі, – падкрэсліў Мечыслаў Гой. – Але варта памятаць, што журналістыка – гэта вельмі складаная прафесія, якая патрабуе не толькі пэўных ведаў, таленту і крэатыўнасці. Ва ўсе часы журналіст павінен у першую чаргу прытрымлівацца прынцыпаў прыстойнасці, сумленнасці і аб'ектыўнасці.

Для ўдзельнікаў форуму таксама правялі вялікую аглядную экскурсію па горадзе з наведваннем моладзевага цэнтра «Гродна», спартыўнага комплексу «Пышкі», Новага і Старога замкаў.

А ўжо заўтра маладыя журналісты збяруцца на пленарнае пасяджэнне форуму з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі, Гродзенскага аблвыканкама, Цэнтральнага камітэта БРСМ і Грду імя Янкі Купалы. Яны таксама наведаюць майстар-класы вядучых экспертаў медыягаліны краіны. У рамках моладзевага форуму адбудзецца ўручэнне традыцыйнай прэміі Беларускага саюза журналістаў «Дэбют».

Па матэрыялах «Гродзенская праўда»