Навіны горада

30 лістапада 2018 Гарадскія «100 ідэй для Беларусі»: як прыцягнуць турыста, вырасціць ураджай са смартфона і зрабіць звышмоцны тратуар

Кропкі прыкладання ведаў і фантазіі ўдзельнікаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі» ў абласным цэнтры ў гэтым годзе разнастайныя як ніколі.

Праекты удзельнікаў занальнага этапу конкурсу ў гэтым годзе адрозніваюцца актуальнасцю, практычнай значнасцю і магчымасцю рэальнага ўвасаблення, – падкрэслівае першы сакратар гаркама ГА «БРСМ» Зоя Митковская. – Зацікаўленасць моладзі жыццём любімага горада не можа не радаваць

Музей этнічнага мастацтва хацелі б бачыць на турыстычнай карце Гродна навучэнцы палітэхнічнага каледжа Антон Калодкін і Маргарыта Касцецкая. Рабяты нават прыдумалі, чым будуць здзіўляць наведвальнікаў: інтэрактыўнымі інсталяцыямі, выкарыстаннем мультымедыя і магчымасцю з дапамогай сучасных тэхналогій пагрузіцца ў экспазіцыю, што называецца, з галавой. Гэты аб'ект, напэўна, уключылі б у свой электронны даведнік па Гродна студэнты з Грду імя Янкі Купалы, якія паклапаціліся зрабіць яго максімальна поўным і карысным для турыста.

Студэнты аграрнага універсітэта ўпэўненыя, што турысты будуць рады павезці з сабой на памяць «мучны» сувенір з відамі горада. Розныя яго варыянты яны паказалі падчас выставы.

Папулярнай сярод удзельнікаў конкурсу застаецца тэма экалогіі. Навучэнка гімназіі №2 Лізавета Турак зацікавілася ёй пасля таго, як сям'я пачала будаваць энергаэфектыўны дом. Ён будзе выкарыстоўваць энергію сонечных батарэй і аддаваць адпрацаваную ваду у аўтаномную каналізацыю. Паменшаную мадэль дома Лізавета пабудавала разам з бацькам і прадставіла на выставе. Дарэчы, тут жа падгледзела ідэю даўгавечнай вулічнай пліткі для ўчастка. Як рабіць яе з цвёрдага пластыка ведае студэнтка Грду імя Янкі Купалы Дар'я Раманоўская. Па яе словах, гэты від адходаў у краіне пакуль не перапрацоўваецца. А вырабленая з яго плітка магла б служыць мінімум 50 гадоў.

Традыцыйна шмат праектаў для IT-сферы. Дзесяцікласнік другой гімназіі Уладзімір Мешчаракоў здзівіў усіх інтэрфейсам 3D-уводу. Малюеш фігуры ў паветры, і яны маментальна адлюстроўваюцца на экране кампутара. Такая распрацоўка, па словах хлопца, можа стаць незаменнай рэччу для жанравага кіно, у якім глядач – непасрэдны ўдзельнік падзей, а таксама для камп'ютэрных гульняў і нават высокатэхналагічнай медыцыны.

Навучэнцы сярэдняй школы №12 горада Гродна Андрэй Клімуць і Кірыл Паўлоўскі цэлы год працавалі над аўтаматызаванай цяпліцай і ўжо атрымалі ў ёй першы ўраджай памідораў. Каб таматы выраслі вялікімі і сакавітымі, ім не давялося праз дзень ездзіць на дачу, а толькі рэгулярна зазіраць у свой мабільны тэлефон і аддаваць з яго дапамогай некаторыя каманды. Цяпліца сама палівала расліны, рэгулявала паток святла і тэмпературу, выкарыстоўваючы пры гэтым выключна энергію сонца.

Водгук у сэрцах многіх наведвальнікаў выставы знайшоў праект «Цёплыя кнігі» навучэнцаў сярэдняй школы №35 горада Гродна. Пабываўшы на экскурсіі ў абласным аддзяленні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, рабяты прынялі рашэнні рабіць аб'ёмныя дзіцячыя кніжкі для невідушчых і са слабым зрокам дзяцей. У гэтым ім дапамагаюць валанцёры Белтіз, якія дапаўняюць тактыльныя дапаможнікі шрыфтам Брайля.

Праект па вытворчасці атраўматычных павязак з іёнамі срэбра ўдзельніка мінулага года Аляксандра Глуткіна атрымаў фінансаванне і падтрымку на дзяржаўным узроўні. Натхніўшыся поспехам старэйшага таварыша, студэнты медыцынскага ўніверсітэта прадставілі на конкурс адразу тры распрацоўкі. У адной з іх нізкаінтэнсіўнае лазарнае выпраменьванне прапануецца выкарыстоўваць для гаення печані пасля аперацыі. Аўтары Уладзіслаў Катовіч і Андрэй Волковыцкий нават атрымалі ў родным вну пасведчанне на рацыяналізатарскую прапанову.

На выставе былі і міні-ідэі, якія проста могуць зрабіць наша жыццё крышачку камфортней і весялей. Хатняя гаспадыня Юрэвіч Кацярына прапаноўвала прымерыць масажныя і артапедычныя шкарпэткі, якія вяжа сваімі рукамі.

Усяго ў занальным этапе конкурсу «100 ідэй для Беларусі» былі прадстаўлены 24 праекта. Восем лепшых з іх прымуць удзел у абласным этапе і, магчыма, паедуць на фінал у сталіцу.

Па матэрыялах «Гродзенская праўда»