Навіны

15 сакавіка 2019
“Мы-грамадзяне Беларусі!”. 25 школьнікаў Гродзеншчыны атрымалі свае першыя пашпарты ў Дзень Канстытуцыі

У абласным драмтэатры прайшоў урачысты сход, прысвечаны 25-й гадавіне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
З адным з галоўных дзяржаўных святаў нашай краіны прысутных павіншаваў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч. Ён адзначыў, што Асноўны Закон нашай краіны, прыняты 25 гадоў таму, адкрыў новую старонку ў шматвяковай гісторыі беларускага народа. Канстытуцыя ўпершыню ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Асноўны Закон беларускай дзяржавы замацоўвае як агульначалавечыя, так і нацыянальныя каштоўнасці, сацыяльныя гарантыі для кожнага жыхара краіны.

Рэалізуючы свае канстытуцыйныя правы і абавязкі, у скарбонку агульных дасягненняў краіны важкі ўклад уносяць гродзенцы. Стабільна развіваецца эканоміка, У шэрагу рэгіёнаў вобласці рэалізаваны буйныя інвестыцыйныя праекты, створаны высокааплатныя працоўныя месцы.

Кульмінацыяй свята стала традыцыйнае ўручэнне пашпартоў юнакам і дзяўчатам вобласці ў рамках Усебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы-грамадзяне Беларусі!”. Гэтым разам такога гонару ўдастоіліся 25 таленавітых школьнікаў і гімназістаў з Гродна, Навагрудка, Воранава, Шчучына, Скідзеля і аграрагарадка Індуры Гродзенскага раёна.

Ва ўрачыстай абстаноўцы галоўны ў жыцці дакумент атрымалі з рук Віктара Лісковіча выдатнікі вучобы, прызёры алімпіяд, пераможцы спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі ініцыятыў ГА «БРСМ», валанцёры.

Звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, якія атрымалі пашпарты, Віктар Лісковіч сказаў:

- Сёння, дзякуючы Асноўнаму Закону краіны, Вы, дарагія рабяты, маеце права на выбар прафесіі і працы ў адпаведнасці са сваім пакліканнем, здольнасцямі, адукацыяй, падрыхтоўкай. Канстытуцыя замацавала права свабоднага ўдзелу ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці дзяржавы. Наша краіна адна з нямногіх у свеце, якая гарантуе права на першае працоўнае месца. Аднак не варта забываць, што Канстытуцыя вызначае і нашы абавязкі перад дзяржавай і грамадствам. Святым абавязкам грамадзяніна з'яўляецца абарона Рэспублікі Беларусь, і да гэтага заўсёды павінен быць гатовы кожны.
Паважаць Асноўны Закон-значыць паважаць сваю краіну, паважаць саміх сябе. Памятаеце, дарагія рабяты, што радзіме неабходныя добра адукаваныя, працавітыя, энергічныя, творчыя і таленавітыя маладыя людзі, якія валодаюць пачуццём адказнасці для дасягнення агульнай мэты – пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі.

Святочны настрой удзельнікам урачыстага вечара стваралі лепшыя творчыя калектывы горада Гродна.

Па матэрыялах “Гродзенская праўда”