Навіны

23 мая 2019
Перапіс насельніцтва 2019

Хто, дзе і як будзе весці падлік гродзенцаў у час рэспубліканскага перапісу насельніцтва? Гэтыя і іншыя арганізацыйныя пытанні абмеркавалі на пасяджэнні ў Гродзенскім гарадскім выканаўчым камітэце. Нагадаем, перапіс насельніцтва пройдзе з 4 па 30 кастрычніка 2019 года. Гэта маштабнае даследаванне праводзіцца 1 раз у 10 гадоў і дазваляе дакладна вызначыць патрэбы грамадства, скарэктаваць сацыяльна-эканамічную палітыку дзяржавы і даць пэўнае ўяўленне пра тое, хто пражывае на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Галіна Станкевіч намеснік начальніка галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці:
- Інфармацыя перапісу ўнікальная. Мы даведаемся, насельніцтва якіх нацыянальнасцяў у нас пражывае, на якіх мовах гавораць. Даведаемся аб міграцыйнай актыўнасці. Атрымаем неабходныя звесткі для таго, каб наша ўлада ведала аб працоўным патэнцыяле ў вобласці.

Паўдзельнічаць у перапісу можна будзе найбольш камфортным для рэспандэнтаў спосабам. Як і ў папярэднія гады, перапісчыкі пройдуць па дамах. Для тых, хто не любіць пускаць у сваё жыллё старонніх, арганізуюць стацыянарныя ўчасткі. Навінай гэтага года стане анлайн анкетаванне. З 4 па 18 кастрычніка адказаць на 49 пытанняў перапісу гродзенцы змогуць у зручны для іх час і ў любым месцы, дзе ёсць магчымасць падключэння да сеткі Інтэрнэт.

Галіна Станкевіч намеснік начальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці:
- Тэрыторыя горада Гродна падзелена на 18 перапісных участкаў, у склад якіх увойдуць 319 асноўных падліковых участкаў. Акрамя таго, плануецца стварыць 26 стацыянарных участкаў.

Перапіс гараджан будзе праводзіць спецыяльна навучаны часовы персанал, які складаецца пераважна з супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і студэнтаў. Больш за 400 чалавек - а менавіта столькі патрабуецца для падліку - на час правядзення перапісу будуць вызваленыя ад асноўнай працы з захаваннем заработнай платы. Студэнтам прапануюць так званыя стымулюючыя выплаты. З кожным з перапісчыкаў будзе заключаны дагавор сацыяльнага страхавання ад няшчасных выпадкаў.

Па матэрыялах «Гродна Плюс»