Навіны горада

6 лістапада 2019 Арцём Несцярук прадставіць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе "Студэнт года" ў Мінску

За гады правядзення конкурсу заваяваць званне "Студэнт года" ўжо стала вельмі ганаровым.

Сёлета канкурсанты выклаліся на ўсе 100%, каб атрымаць гэты тытул. Традыцыйна, за званне змагаліся лепшыя студэнты трох гродзенскіх ВНУ: Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Сёлета абласны этап рэспубліканскага конкурсу прымаў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Месца правядзення, дарэчы, было абрана не выпадкова: летась прадстаўнік менавіта гэтага ўніверсітэта стаў пераможцам на Рэспубліцы і лепшым студэнтам краіны.

- Сёння спаборнічаюць трое студэнтаў. Гэта пераможцы сваіх ВНУ. Конкурсная праграма прадугледжвае раскрыць кожны бок удзельнікаў, таму канкурсантам прадстаўлены ўсе магчымасці паказаць сябе і свае здольнасці. Апошнія два гады наша вобласць станавілася пераможцай на Рэспубліцы, спадзяемся на годнае выступленне і ў гэтым годзе, - распавёў другі сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА "БРСМ" Дзяніс Чарняк.

Выйсці ў абласны тур і паказаць сябе самым лепшым, каб атрымаць запаветны шанц прадстаўляць усё Гродзенскае студэнцтва ў рэспубліканскім конкурсе - задача, прызнаем, не самая трывіяльная. Гэта арганізатары кажуць - раскрыць ўсе бакі і здольнасці. Для ўдзельнікаў-гэта карпатлівая праца над кожнай дэталлю ў выступленнях. Канкурсантам прыйшлося дэманстраваць максімум арсенала: свае лідэрскія якасці, камунікатыўныя навыкі, эрудыяванасць, творчыя здольнасці і крэатыўнасць думкі на працягу пяці конкурсаў. Колькі сіл, энергіі і цярпення было выдаткавана на этапе падрыхтоўкі можна толькі меркаваць.

І вось нарэшце-фанфары! Па выніках усіх заданняў званне "Студэнт года-2019" Гродзенскай вобласці атрымаў прадстаўнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Арцём Несцярук. Ён жа стаў пераможцам у намінацыі "Студэнт года-2019" па выніках анлайн-галасавання". І што важней за ўсё, для Арцёма час хвалявання не скончыўся. Студэнт аграрнай ВНУ прадставіць Гродзенскую вобласць у рэспубліканскім туры, які пройдзе ў Мінску ў снежні.

- Гэта першая перамога аграрнага ўніверсітэта ў конкурсе "Студэнт года", і я гэтаму вельмі рады. Прыкладу максімум сіл і буду старацца годна прадставіць вобласць на рэспубліканскім этапе. На перамогу спадзяваўся, але не разлічваў, дагэтуль не магу ў гэта паверыць, думаю, усведамленне гэтага прыйдзе пазней. На падрыхтоўку да абласнога этапу спатрэбілася дастаткова шмат часу і гэта таго каштавала. Цяпер максімальна накірую ўсе свае сілы на падрыхтоўку да рэспубліканскага туру, - падзяліўся Арцём Несцярук.

Усе ўдзельнікі абласнога этапу атрымалі падарункі і, вядома ж, мора эмоцый і магчымасць паказаць сябе.

Па матэрыялах «Гродзенская праўда»