Навіны

23 студзеня 2020
Лепшыя дзеячы культуры і мастацтва Гродзеншчыны ўзнагароджаны прэміяй Аляксандра Дубко

Нязменная традыцыя студзеня: названыя лаўрэаты прэміі імя Аляксандра Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва». Яна была зацверджаная больш за дваццаць гадоў таму і з тых часоў на Гродзеншчыне гэта самая высокая ацэнка працы ў культурнай сферы. З 1998 года яе лаўрэатамі сталі сотні прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі вобласці. Гэта пісьменнікі, музыканты, мастацкія кіраўнікі народных і ўзорных калектываў, клубныя і музейныя работнікі, народныя майстры і іншыя.

Дамініцы Кавалёнак ужо даўно за семдзесят, але майстрыху, якая захавала ўнікальную тэхналогію ўпрыгожвання велікодных вербаў ведаюць усе. Разам з сястрой напярэдадні Вербнай нядзелі яе заўсёды можна ўбачыць каля галоўных храмаў горада. Рукатворныя вырабы, аздобленыя сухімі каласкамі і травой, якія сёстры Дамінікаўны ўсё лета збіраюць на палях, карыстаюцца велізарным попытам у вернікаў. Так званая Гарадзенская вербачка ўнесеная ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі, а свае навыкі майстрыха старанна перадае маладым. Сёння Дамініка Кавалёнак у спісе лаўрэатаў абласной прэміі імя Аляксандра Дубко.

КАВАЛЁНАК ДАМІНІКА, ЛАЎРЭАТ АБЛАСНОЙ ПРЭМІІ ІМЯ АЛЯКСАНДРА ДУБКО:
- Гэта для мяне вялікае задавальненне, што ацанілі маю працу, што я магу прынесці людзям тое, чаго яны самі не могуць, і ў гэта ўкладваю ўсю сваю духоўную сілу. Для мяне гэта вельмі важна, укласці любоў, сілу, любоў да Бога. Хацелася б, каб моладзь пераняла гэта творчасць.

Сярод тых, хто ўзнімаўся на сцэну за прэстыжнай узнагародай і выкладчык дзіцячай музычнай школы мастацтваў №2 горада Гродна Жылінскі Павел. Больш за дваццаць гадоў таму ён паставіў перад сабой мэту: павысіць статус акардэона. Яго вучні неаднаразова станавіліся лаўрэатамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, дамагаюцца поспеху і з году ў год услаўляюць наш Прынёманскі край.

ПАВЕЛ ЖЫЛІНСКІ, ВЫКЛАДЧЫК ДЗІЦЯЧАЙ МУЗЫЧНАЙ ШКОЛЫ МАСТАЦТВАЎ №2 ГОРАДА ГРОДНА:
- Гэта, вядома ж, дасягненне, гэта вельмі прыемна і штуршок яшчэ лепш працаваць, дасягаць новых поспехаў, чаго і жадаю іншым настаўнікам нашай вобласці. З'яўляюцца новыя зорачкі, я думаю, што мы будзем развівацца і паказваць не горшыя вынікі.

Выкладчыкі, рэжысёры, артысты балета, журналісты і мастакі. Усе яны абралі розную сферу культуры і кірунак дзейнасці, але іх аб'ядноўвае адно-ўсёабдымная любоў да творчасці..

УЛАДЗІМІР КРАЎЦОЎ, СТАРШЫНЯ ГРОДЗЕНСКАГА АБЛАСНОГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМІТЭТА:
- 14 намінантаў мы адабралі, а давялося разглядаць 56 канкурсантаў. І ўсе годныя, усе заслужаныя, усе маюць сур'ёзныя дасягненні, працы, свае творчыя поспехі, гэта было складана зрабіць. І гэта кажа аб тым, што мы на правільным шляху, таму што духоўны пачатак ва ўсіх нас павінны прысутнічаць, усё астатняе другасна.

Пра кожнага, хто ў гэты дзень падымаўся на сцэну, мы яшчэ не раз пачуем і прачытаем, бо пра іх можна здымаць цэлыя фільмы. За любой самай грандыёзнай падзеяй у галіне культуры стаяць людзі і ў першых шэрагах-уладальнікі прэміі імя Аляксандра Дубко, для якіх узнагарода-не мэта, а падстава для новага натхнення.

Па матэрыялах «Гродна Плюс»