Навіны горада

12 чэрвеня 2018 Самы каштоўны прадмет скарбу з Працоўнай – пярсцёнак за 1, 5 тысячы даляраў. Усе «скарбы» неўзабаве папоўняць экспазіцыю гісторыка-археалагічнага музея

Спецыялісты працягваюць даследаваць скарб – старадаўнія манеты, залатыя кольцы, дакументы і іншыя асабістыя рэчы, знойдзеныя падчас будаўнічых работ на будынку ў 2-м Працоўным завулку ў абласным цэнтры. Сёння яны падзяліліся наступнымі вынікамі экспертыз. Напрыклад, стаў вядомы рынкавы кошт скарбу – «скарбы» ацанілі амаль у 20 тысяч даляраў.

– Ацанілі і кожны прадмет знаходкі ў асобнасці. Экспертызу праводзілі члены экспертнай фондава-закупачнай камісіі пры ўдзеле незалежных экспэртаў. Самым каштоўным прадметам скарбу прызнаны пярсцёнак выпускніка Пажскага кадэцкага корпуса. Упрыгожванне ацанілі ў 1500 даляраў, – распавялі ва ўпраўленні культуры аблвыканкама.

Зараз уся дакументацыя, якая тычыцца знаходкі, перададзена ў Гродзенскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Спецыялістам трэба будзе вырашыць – ці ўяўляюць гэтыя прадметы гісторыка-культурную каштоўнасць.

– У выпадку, калі скарб атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, будаўнікі, якія знайшлі яго, і уласнік будынка могуць разлічваць на грашовую кампенсацыю: паміж сабой яны падзеляць палову кошту скарбу, – дадалі ва ўпраўленні культуры аблвыканкама.

Цяпер усе прадметы скарбу захоўваюцца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. Далейшы іх лёс ужо вядомы. Пасля таго, як завершацца неабходныя працэдуры, знаходку выставяць у адным з залаў Новага замка.

Нагадаем, скарб з залатых манет і ўпрыгожванняў будаўнікі знайшлі ў гэтым годзе ў сярэдзіне красавіка ў старым будынку на 2-ым Працоўным завулку падчас разборкі элемента дахавай сістэмы. У скрыначцы было каля 30 залатых манет XVIII-XIX стагоддзяў, звыш 10 розных каштоўных упрыгожванняў – кольцы і ланцужкі, а таксама дакументы, у тым ліку і закладныя пачатку XX стагоддзя.

Па матэрыялах газеты "Гродзенская праўда"