Навіны

16 чэрвеня 2016
Па выніках працы за пяцігадовы перыяд Гродзеншчына занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня падпісаў указ №225 "Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2011-2015 гады і 2015 год".

Указам да занясенню на Рэспубліканскую дошку Гонару ў якасці пераможцаў спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця вызначаны 52 намінанты.

У выніку комплекснай ацэнкі па сукупнасці паказчыкаў развіцця за пяцігадовы перыяд сярод абласцей і горада Мінска лепшай стала Мінская вобласць, наступная - Віцебская вобласць, на трэцім месцы Гродзенская вобласць.

Па выніках працы за 2015 год вызначаны 49 пераможцаў у адпаведных намінацыях (лепшыя сярод раёнаў, гарадоў і раёнаў у гарадах, арганізацый у сферы прамысловасці, будаўніцтва, сельскай і лясной гаспадаркі, гандлю, сувязі, транспарту, адукацыі, аховы здароўя, спорту, культуры і навукі).

Таксама вызначаны 18 пераможцаў спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў. Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з'яўляецца грамадскім прызнаннем працы жыхароў і калектываў прадпрыемстваў, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі і дабрабыт краіны.

Піша «Гродзенская праўда»