Як сведчаць археалагічныя даследаванні, горад заснаваны у канцы X ст. на так званай Замкавай гары пры ўпадзенні ракі Гародні ў Нёман. Упершыню Гродна (Гародна, Гародня, Гарадзень) згадваецца ў Іпацеўскім летапісу у 1128 годзе як цэнтр удзельнага княства.
Узнікненне горада было звязана з асваеннем варагамі гандлёвага шляху з Балтыкі па рацэ Нёман і далей па Прыпяці і Дняпру да Чорнага мора.
На працягу сваёй гісторыі Гродна ўваходзіў у склад многіх дзяржаў: Галіцка-Валынскага княства і Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, перанёс мноства войн і разбурэнняў.
У 12 – пачатку 13 стагоддзя Гродна знаходзіўся на правым беразе Нёмана на тэрыторыі цяперашніх Старога і Новага замкаў.
Геаграфічнае становішча спрыяла эканамічнаму развіццю горада, ператварэнню яго ў рамесна-гандлёвы і культурны цэнтр. На беразе Нёмана ў 80-я гады XII ст. была пабудавана Барысаглебская (Каложская) царква.
У XI-XIII стст. у горадзе апрацоўвалі жалеза, дрэва, камень. Вырабы гродзенскіх кавалёў, ліцейнікаў, ганчароў, гарбароў, краўцоў, сталяроў сведчылі пра іх высокае майстэрства. Гандаль вёўся са старажытнарускімі гарадамі Прыдняпроўя, Прыбалтыкі, Польшчы.
У 40-х гадах 13 стагоддзя Гродна знаходзіцца ў валоданні Вялікага княства Літоўскага і становіцца адным з важных фарпостаў гэтай дзяржавы на заходняй мяжы. У 1253 годзе Данііл Галіцкі ўключыў яго ў Галіцка-Валынскае княства. Аднак князь Вялікага княства Літоўскага Трайдэн у другой палавіне 13 стагоддзя ізноў завалодаў горадам.
У 1284 годзе горад быў разбураны тэўтонцамі. Да 1402 года каля 20 разоў крыжакі нападалі на Гродна і яго наваколлі , яшчэ два разы горад быў у руках ворага.
Вялікі Літоўскі князь Віцень (1295-1315гг.) значна пашырыў умацаванні Гродна, каштэлянам прызначыў Давыда Даўмонтавіча (Гарадзенскага). Давыд Гарадзенскі ў 1299-1326 гг. не толькі паспяхова абараняў горад ад ворагаў, але і здзяйсняў зваротныя паходы на рыцарскія землі.
У 1376 году Гродна пераходзіць у валадарства Вітаўта Кейстутавіча, горад становіцца другой сталіцай Вялікага княства Літоўскага.
У 1391 годзе Гродна атрымлівае ад караля Ягайлы няпоўнае магдэбургскае права. У 1398 годзе пасля моцнага пажару, які прынёс гродзенскаму замку непапраўныя страты, Вітаўт зноў адбудоўвае крэпасць, ужо цалкам з валуноў і цэглы. Частка сцяны вялікага Вітаўта захавалася да нашых дзён.
Не абыходзяць Гродна важныя гістарычныя падзеі. У 1410 годзе гродзенскія воіны удзельнічалі ў разгроме нямецкіх рыцараў у бітве пад Грунвальдам, якая завяршылася перамогай над Ордэнам.
З 1413 году горад увайшоў у склад Трокскага ваяводства.
У 1440 году Гродна пераходзіць у валоданне вялікага князя Казіміра Ягайлавіча. Казімір захапляўся паляваннем, а багатыя дзіччу гродзенскія лясы ўяўлялі выдатную магчымасць для занятку гэтай забавай. Для караля спецыяльна пабудавалі вялікі дом на тэрыторыі Ніжняга замка.
У 1444 годзе Казімір даў Гродна поўнае магдэбургскае права. Не стала вялікага князя 7 чэрвеня 1492 гада.
З другой палавіны 15 стагоддзя пачынаецца забудова левабярэжнай часткі горада. Ужо ў канцы стагоддзя абодва берагі былі злучаны мостам на апорах.
У 1496 годзе Вялікі князь Аляксандр загадаў гродзенцам пабудаваць ратушу з вежавым гадзіннікам.
У адпаведнасці з магдэбургскім правам горад атрымаў уласны герб. Існаванне гэтага атрыбута сведчыла пра даволі высокі эканамічны і культурны ўзровень таго ці іншага цэнтра. Герб прысутнічаў на пячатцы горада, чым падкрэслівалася яго незалежнасць ад улады князя ці караля.
Такім чынам, паводле магдэбургскага права, Гарадзенскі гарадскі магістрат атрымаў сваю пячатку (у адпаведнасці з прывілеем, падараваным каралевай Бонай у 1540 годзе, войту і лаўнікам дазвалялася мець пячатку). На пячатцы 1565 (найболей ранняй з вядомых) намаляваны імкліва бягучы высакародны алень (так званы алень святога Губерта). Алень святога Губерта – знак нястомнага руху наперад, пераадолення ўсіх перашкод. Блакітны колер падкрэсліваў духоўнасць. Паляванне было адным з асноўных заняткаў жыхароў Гродна, размешчанага ў непасрэднай блізкасці да Гарадзенскай і Белавежскай пушчаў. У сярэднявечнай Еўропе святы Губерт лічыўся заступнікам паляўнічых, і гэта эмблема не выпадкова стала Гродзенскім гербам.
У 15-16 стагодзях Гродна развіваецца як культурны і палітычны цэнтр. У 1543—1601 гг. у горадзе над Нёманам дзейнічала «Літоўская капэла» – адзін з найбольш ранніх музычных калектываў Беларусі. У 1677 годзе пабудаваны будынак Фарнай аптэкі, якая працуе да цяперашняга часу і з'яўляецца адзінай у Беларусі «Аптэкай-музеем».
У 1560 годзе ў выніку Люблінскай Уніі горад увайшоў у склад Рэчы Паспалітай. З 1576-га па 1586 год Гродна – рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай – Стэфана Баторыя.
Рэзідэнцыя сваёй прыгажосцю магла паспрачацца з лепшымі еўрапейскімі гарадамі таго часу.
З сярэдзіны 17 стагоддзя мірнае развіццё Гродна перарывалася незлічонымі бедствамі, якія прыносілі з сабой вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй.
У 1673 году статут горада як аднаго з палітычных цэнтраў умацоўваўся правядзеннем у ім кожнага трэцяга сейма Рэчы Паспалітай.
У 1793 годзе ў Новым замку прайшоў так званы «нямы» сейм, на якім быў зацверджаны другі перадзел Рэчы Паспалітай. Менавіта тут пасля правалу паўстання адрокся ад кароны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Унікальнай з'явай стала кіраванне горадам старасты Антонія Тызенгауза. У 1764 году ён пачаў будаўніцтва «ідэальнага» горада. Ансамбль прадмесця Гродна – Гарадніцы – адзін з ранніх і значных прыкладаў маштабнага будаўніцтва ў гісторыі архітэктуры.
У Гродна і яго наваколлях было заснавана 20 самых буйных у Беларусі мануфактур: золата- і шоўкаткацкая, суконная, палатняная, мэблева-сталярная, панчошная, тытунёвая, зброевая, карэтная, вырабаў з металу і інш. На іх працавала больш за 1500 чалавек з сем'яў прыпісных казённых сялян. Прыкладна столькі ж было і надомных ткачоў. Выраблялі габелены, дываны, аксаміт, атлас, шаўковыя паясы.
У 1775-81 гг. у Гродна працавала медыцынская акадэмія. Менавіта яе стварэнне паклала пачатак развіццю медыцынскай адукацыі ў Беларусі. Акадэмію ўзначальваў французскі батанік і медык Ж.-Э.Жылібер. Пры акадэміі былі шпіталь і батанічны сад, у якім налічвалася каля 2 тысяч раслін. Працавалі школы: тэатральная, акушэрская, ветэрынарная, бухгалтарская; бібліятэка, музей гісторыі прыроды, кадэцкі корпус. У 1769-80 гг. працаваў тэатр А.Тызенгауза. У 1772 годзе архітэктарамі Мезерам і Сакко быў спланаваны будынак, у якім зараз знаходзіцца лялечны тэатр. Два палацы злучаў крыты пераход.
Не абыйшла горад над Нёманам Айчынная вайна 1812 года. 2 ліпеня Гродна захапілі французскія войскі. 8 снежня 1812 года горад быў вызвалены партызанскім атрадам Дзяніса Давыдава.
У 1861-1863 гг. горад стаў месцам дзейнасці рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага.
Канец 19 - пачатак 20 стст. для Гродна – перыяд хуткага эканамічнага і культурнага развіцця. Асабліва прыкметным стаў гэты працэс пасля таго, як у 1862 годзе праз Гродна быў пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.
У 1877 годзе ў горадзе дзейнічала 37 прадпрыемстваў, у 1900-ым - 79, 1914 -ым - 99. Адкрыліся мужчынская і жаночая гімназіі, школы, рамеснае вучылішча. Па выніках першага Усерасійскага перапісу насельніцтва у 1897 гадзе ў Гродна пражывала каля 47 тысяч чалавек.
Да 1900 года ў горадзе працавалі 18 навучальных устаноў, 2 кнігарні, бібліятэка. Важную ролю ў культурным жыцці жыхароў горада адыгрываў тэатр. Гэты перыяд адзначаны цэлым сузор'ем вядомых імёнаў: знакамітай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшка і паэта Максіма Багдановіча, стваральніка эсперанта Людвіга Заменгофа і майстра сусветнай славы Льва Бакста, вядомага навукоўца, захавальніка гродзенскай гісторыі Яўстаха Арноўскага, атлета Якуба Чахоўскага і многіх іншых.
Гродна вытрымаў усе выпрабаванні, якія прынесла яму XX стагоддзе.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Гродна становіцца прыфрантавым горадам, а ў верасні 1915 гада яго займаюць кайзераўскія войскі. У 1919 годзе немцы перадалі ўладу ў Гродна легіянерам Пілсудскага. У 1920 годзе горад на два месяцы занялі чырвонаармейцы, была ўсталявана ўлада ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, але пасля паражэння савецкіх войскаў на Вісле і Нёмане Гродна на два дзесяцігоддзі апынуўся ў складзе 2-й Рэчы Паспалітай на становішчы повятовага горада Беластоцкага ваяводства.
Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР у верасні 1939 года Гродна становіцца абласным цэнтрам. У горадзе актыўна пачалі праводзіцца сацыялістычныя пераўтварэнні. Былі адкрыты настаўніцкі інстытут, педвучылішча, кааператыўны, будаўнічы і фізкультурны тэхнікумы.
22 чэрвеня 1941 года горад бамбіла фашысцкая авіяцыя, недалёка ад яго вялі жорсткія абарончыя баі воіны 86 Аўгустоўскага пагранотрада, 68 Гродзенскага ўмацаванага раёна, 3 і 10 армій. Але ўжо 23 чэрвеня ў Гродна ўвайшлі нямецкія войскі. Тры гады доўжылася фашысцкая акупацыя, пакуль 16 ліпеня 1944 гады горад не быў вызвалены войскамі Чырвонай Арміі.
Страты, боль, гора прынесла другая сусветная вайна. Больш пяцідзесяці тысяч гараджан загінулі за час фашысцкай акупацыі.
Знішчана амаль усё яўрэйскае насельніцтва горада, расстраляна значная частка інтэлігенцыі.
Памяць пра тых, хто адважна ваяваў з ворагам і вызваляў ад фашысцкай навалы нашу зямлю, свята шануецца ў горадзе над Нёманам. Многія вуліцы названы імёнамі абаронцаў і вызваліцеляў: Аляксея Антонава, Міхаіла Белуша, Івана Болдзіна, Юрыя Іўліева, Дзмітрыя Карбышава, Вольгі Соламавой і многіх іншых. Неўвядальнай славай пакрылі сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны воіны-пагранічнікі. Высокі гераізм праявілі абаронцы застаў Віктара Усава, Аляксандра Сівачова, Федара Кірычэнка. Іх імёны ганарова носяць заставы Гродзенскага пагранічнага атрада.
У пасляваенныя гады гараджане самааддана аднаўлялі разбураны горад. Дзякуючы іх намаганням за кароткі час быў зроблены прарыў у эканоміцы. Змянілася індустрыяльнае аблічча Гродна, з'явіліся новыя галіны народнай гаспадаркі. З кожным годам нарасталі тэмпы і маштабы жыллёвага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва, якасна паляпшалася медыцынскае і бытавое абслугоўванне, развіваліся камунальная гаспадарка, транспарт, сувязь, гандаль.
Мы ганарымся гісторыяй Гродна. Стараемся рабіць усё, каб з кожным годам любімы горад быў утульным, прыгажым, квітнеючым.
|