Навіны

28 сакавіка 2017
У Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе школьныя экскурсіі сталі праводзіць у пяць разоў часцей

"Так, мы прааналізавалі, як часта і куды ездзілі на экскурсіі вучні школ рэгіёну ў студзені-лютым бягучага года. Аказалася, што за два месяцы для дзяцей праведзена амаль 5 тыс. экскурсій, што ў пяць разоў больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. У сярэднім гэта каля 14 экскурсій на школу", - растлумачыў начальнік упраўлення Аляксандр Сангін.

Паводле яго слоў, у вобласці школы арыентавалі на тое, каб кожны вучань раз у чвэрць пабываў на якой-небудзь пазнавальнай экскурсіі. Вядома, не абавязкова гэта павінны быць далёкія паездкі. Задача накіравана перш за ўсё на вывучэнне сваёй малой радзімы, краіны.

Найбольш папулярнымі аказаліся паездкі ў замкі і замкавыя комплексы, вытворчы турызм і наведванне прадпрыемстваў, адзначыў Аляксандр Сангін. Таксама цікавыя школьнікам тэматычныя экскурсіі ў музеі, азнаямленне з культавымі пабудовамі, наведванне прыродных помнікаў і аб'ектаў. Большая частка паездак здзейсненая ў межах Гродзенскай вобласці.

У Гродзенскай вобласці дзейнічаюць 345 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, уключаючы гімназіі, ліцэі і кадэцкае вучылішча, у якіх навучаюцца больш за 112 тыс. школьнікаў.

"БелТА"