
Крыху больш за месяц застаецца да таго моманту, калі ў Мінску будзе дадзены старт II Еўрапейскім гульням. Мультыспартыўны форум стане самай маштабнай спартыўнай падзеяй у гісторыі нашай краіны. Да захапляльных спаборніцтваў рыхтуецца ўвесь свет і Гродзеншчына не выключэнне. Гульні ўсё бліжэй і полымя міру ўжо трэці дзень знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. 18 траўня сімвал II Еўрапейскіх гульняў прыбудзе ў Гродна. Урачыстая частка эстафеты стартуе ў 17.00 на плошчы Леніна. Факеланосцамі стануць дванаццаць вялікіх спартсменаў.
ЯЎГЕН АРОДЗЬ НАЧАЛЬНІК АДДЗЕЛА СПОРТУ І ТУРЫЗМУ ГРОДЗЕНСКАГА ГАРВЫКАНКАМА:
- Вы зможаце ўбачыць і легендарны пас Івана Ядзешкі, прычым, не толькі на відэа хроніцы 72-га года, але і ў рэальным жыцці Іван Іванавіч паўторыць свой знакаміты пас праз усю пляцоўку, будзе забіты мяч у кола. Усё гэта будзе вельмі прыгожа выглядаць, таму я запрашаю ўсіх жадаючых на наша спартовае мерапрыемства.
Гістарычны момант у Гродне адзначыцца вялікай колькасцю святочных мерапрыемстваў. Падчас сустрэчы галоўнага сімвала II Еўрапейскіх гульняў у цэнтры горада адбудзецца вялікі канцэрт зорак беларускай эстрады. Яркія нумары і свае лепшыя песні жыхарам і гасцям горада падораць таксама гродзенскія артысты і музычныя калектывы. Затым полымя міру працягне свой шлях і ўжо на наступны дзень 19 мая апынецца на Аўгустоўскім канале і ў аграгарадку Верцялішкі.
Гродзенскія спартсмены актыўна рыхтуюцца да II Еўрапейскіх гульняў: адточваюць майстэрства да дасканаласці, як ніхто іншы, настроены на перамогу. Афіцыйна на мультыспартыўны форум, які пройдзе ў Мінску з 21 па 30 чэрвеня акрэдытавана 18 тысяч чалавек. Падчас міжнародных спартыўных спаборніцтваў тысячы атлетаў з 50 краін разыграюць камплекты медалёў у 15 відах спорту.
ЯЎГЕН АРОДЗЬ НАЧАЛЬНІК АДДЗЕЛА СПОРТУ І ТУРЫЗМУ ГРОДЗЕНСКАГА ГАРВЫКАНКАМА:
- На сённяшні дзень рыхтуецца да Еўрапейскіх гульняў у якасці кандыдатаў больш за трыццаць гарадзенскіх спартоўцаў. Мы разлічваем, што абсалютная большасць з іх так і прыме ўдзел у гульнях. Наколькі нам вядома, усе яны на сённяшні дзень у добрым спартыўным стане і чакаюць моманту ўдзелу ў спаборніцтвах. Таму мы заклікаем усіх заўзятараў, гасцей горада, гасцей нашай краіны паехаць і паперажывае за нашых суайчыннікаў.
Па матэрыялах «Гродна Плюс»