Навіны

15 верасня 2022
У Гродне прайшоў першы абласны сямейны інтэлектуальны турнір

17 сем'яў з усёй Гродзенскай вобласці сабраліся, каб пазмагацца ў першым у краіне сямейным інтэлектуальным турніры. Яго прымеркавалі да Дня народнага адзінства, які Рэспубліка адзначыць ужо ў гэтую суботу.

Да важнай даты "Беларускі саюз жанчын" запускае новы праект "Васільковая Беларусь: кубікі гісторыі". Ён стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў грамадскага аб'яднання. Спачатку гэта была звычайная сямейная настольная гульня па гісторыі роднага краю. Але неўзабаве нарадзілася ідэя стварыць цэлы інтэлектуальны рух, аналагаў якому не існуе. Як прызнаюцца заснавальнікі праекта, такі эксперымент можа стаць традыцыяй.

КАЦЯРЫНА І ЯЎГЕН ШНЫРКА, УДЗЕЛЬНІКІ СЯМЕЙНАГА ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАГА ТУРНІРУ «ВАСІЛЬКАВАЯ БЕЛАРУСЬ: КУБІКІ ГІСТОРЫІ»:

- У нас наогул шматдзетная сям'я, малодшая дачка засталася дома, у дзіцячым садку, з намі старэйшы сын, вучань 6 класа і дачка другога класа, ну, і мы - бацькі. Таму для нас таксама важна, каб сёння нашы дзеці паглядзелі, што ў нашай Рэспубліцы праводзяцца такія мерапрыемствы, у прыватнасці ў нашай вобласці, і менавіта мерапрыемства, якое прысвечана Дню яднання. І дзеці нашыя ведаюць, што сапраўды ў адзінстве наша сіла і сям'ёй нам па плячы любыя цяжкасці.

Удзельнічаюць у турніры і шматдзетныя сем'і. Гэта людзі розных прафесій і інтарэсаў: работнікі сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі. Як гавораць самі ўдзельнікі, прыехалі яны не столькі за перамогай, а хутчэй за настроем. Адной з асаблівасцей турніру сталі прэзентацыі творчых міні праектаў. Па сутнасці, гэта пытанні, на якія мусілі даць адказы сям'і. Прызам для пераможцаў стане крыштальны сімвал праекта - васілёк, і паездка ў Палац Незалежнасці Беларусі.

Па матэрыялах «Гродна Плюс»