Навіны

11 ліпеня 2023
Валанцёры ад Гродна рыхтуюцца да II Гульняў краін СНД
Валанцёры ад Гродна рыхтуюцца да II Гульняў краін СНД. Курыруе працэс па правядзенні маштабных спаборніцтваў Купалаўскі ўніверсітэт. На яго базе створаны спецыяльны цэнтр, дзе зараз поўным ходам ідзе праца.

Студэнты падалі больш за сотню заявак, адабралі 40 чалавек з усяго рэгіёну. Таксама адна студэнтка з Брэста вырашыла далучыцца да валанцёрскага руху. Маладых добраахвотнікаў ужо размяркоўваюць па напрамках. Іх задача ўзаемадзейнічаць з камандамі, трымаць сувязь з арганізатарамі, забяспечваць метадычную і тэхнічную працу. Адным словам - аказваць усялякую дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні Гульняў.

КАРЫНА БУРЛАКОВА, СТУДЭНТ ГРОДЗЕНСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА УНІВЕРСІТЭТА ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ:

- Гэта канэкт з людзьмі і магчымасць праявіць сябе з пункту гледжання не толькі прафесійных кампетэнцый развіцця, але і здабыць новых сяброў і новыя знаёмствы, якія ў далейшым паспрыяюць развіццю прафесійнай асобы і асобы чалавека ў цэлым.

Спаборніцтвы павінны прайсці на самым высокім узроўні, а таму ўжо зараз варта спланаваць усё да дробязяў. Валанцёраў трэба забяспечыць харчаваннем, пражываннем і суправаджэннем. У рабоце і ўнутраныя дакументы.

ВЕРАНІКА БАСІНСКАЯ, КААРДЫНАТАР ВАЛАНЦЁРСКАГА ЦЭНТРА ГРОДЗЕНСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА УНІВЕРСІТЭТА ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ:

- Сустрэліся для таго, каб пазнаёміцца і правялі трэнінг на камандаўтварэнне з валанцёрамі. Апроч гэтага вывучылі з імі асноўны кодэкс валанцёра, які таксама будзе ўжыты падчас правядзення Гульняў, гэта значыць, гэта нейкія банальныя правілы прывітання, этыкету. Тое, што павінен ведаць валанцёр. Яны будуць узаемадзейнічаць не толькі з асобамі, якія прадстаўляюць нашу дзяржаву, але і з ганаровымі гасцямі, якія прыедуць, будуць удзельнічаць у гульнях.

Нагадаем, у Гродне пройдуць спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы і хакеі на траве. Для стартаў задзейнічаюць лядовую арэну клуба "Нёман" і спецыялізаванае поле абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву. Беларусь стане сталіцай Гульняў краін СНД з 3 па 15 жніўня. Папярэдне ў Гродне чакаюць 107 спартсменаў з 7 краін. Усяго ў маштабнай падзеі гэтага лета прымуць удзел каля 3 тысяч спартсменаў з каля трох дзясяткаў дзяржаў.

Аўтар: Е. Беражная
Аператар: В. Мальцаў

Тэлерадыёвяшчальны канал "Гродна Плюс"