
Памяць аб афганскай вайне жывая.
15 лютага – дата, якая ў календары нашай памяці адзначана асаблівым, строгім колерам. У гэты дзень, праз дзесяцігоддзі пасля вываду савецкіх войскаў з Афганістана, мы зноў вяртаемся да падзей той вайны, каб схіліць галовы перад мужнасцю тых, хто да канца застаўся верны прысязе. У Гродне месцам агульнага болю і смутку традыцыйна стаў сквер памяці воінаў-афганцаў.
Каля падножжа манумента сабраліся сотні людзей: ветэраны ў ордэнах, ганаровыя госці, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, моладзь і проста неабыякавыя жыхары горада. Кожны прыйшоў сюды па клічы сэрца, несучы ў руках чырвоныя гваздзікі як сімвал жывой памяці.
У мітынгу-рэквіеме прыняў удзел старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Хмель. Звяртаючыся да прысутных, ён падкрэсліў значнасць захавання гістарычнай праўды і пераемнасці пакаленняў.
- Штогод мы збіраемся ў гэтым святым месцы, каб ушанаваць памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў – тых людзей, якія далёка за межамі Айчыны з гонарам выканалі свой воінскі абавязак, – адзначыў Андрэй Хмель. - Гэта героі. І тыя, хто не вярнуўся з тых гарачых кропак, і тыя, хто сёння знаходзіцца побач з намі. Наш прамы абавязак - атачыць асаблівай увагай і клопатам ветэранаў і іх сем'і, памятаць пра кожнага. Вельмі важна з вялікай павагай ставіцца да гэтай складанай старонкі нашай гісторыі, бо на прыкладзе мужнасці воінаў-афганцаў мы вучым моладзь сапраўднаму патрыятызму.
grodnonews.by