Віртуальны музей будзе адкрыты на базе Гродзенскага музея Максіма Багдановіча ў межах рэалізацыі праекта "Віртуальнае мінулае - гарант поспеху будучыні музеяў". Ён выконваецца па праграме трансмежнага супрацоўніцтва Літва-Латвія-Беларусь. Для рэалізацыі праекта беларускаму боку ўжо вылучаны грант у памеры 90 тысяч еўра.
Ідэя стварэння віртуальнага музея, упершыню выказаная на форуме па пошуку партнёраў у горадзе Даўгаўпілс, належыць дырэктару Святлане Рапецкай. Там яна пазнаёмілася з будучымі партнёрамі з Латвіі і Літвы - Рэзэкненскай вышэйшай школай, Латгальскім культурна-гістарычным музеем у г.Рэзэкнэ і Кедайняйскім краязнаўчым музеем. Мэта праекта - зрабіць даступным грамадству ўнікальную спадчыну краін - удзельніц праекта - праз стварэнне віртуальнага музея і павялічыць культурную адукацыю.
Магчымасці музея шырокія - можна будзе не толькі пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, але і віртуальна "пахадзіць" па музеях партнёраў. Апісанні 1600 музейных прадметаў ад 4 партнёраў, разнастайны спосаб падачы інфармацыі стануць асновай віртуальнай прасторы.
Музей Багдановіча - першая ў Беларусі ўстанова культуры, якая самастойна напісала і падала праект развіцця. На рэалізацыю праекта адведзена 2 гады.
10-11 студзеня 2013 года ў латвійскім горадзе Рэзэкнэ прайшла канферэнцыя, якая адзначыла адкрыццё праекта. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Літвы, Латвіі і Беларусі.