Навіны

28 сакавіка 2013
Турнір па вольнай барацьбе на прызы Лявонція Пятровіча Фурсы

Аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта сумесна з кіраваннем фізкультуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, прадстаўніцтвам НАК у Гродзенскай вобласці 29 і 30 сакавіка 2013 года праводзяць адкрыты турнір па вольнай барацьбе на прызы Ганаровага грамадзяніна горада Гродна, Заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Фурсы Л.П.

Урачыстае адкрыццё турніру пройдзе ў зале барацьбы (вул.Урублеўскага, 1 а) 30 сакавіка ў 12.00.

Усю сваю працоўную дзейнасць Лявонцій Пятровіч Фурса прысвяціў падрыхтоўцы спартсменаў, і гэта яму ўдавалася лепш іншых.
Сярод яго выхаванцаў 5 заслужаных трэнераў БССР, больш за 100 майстроў спорту па вольнай барацьбе, 2 удзельніка Алімпійскіх гульняў. Гродзенцамі, выхаванцамі Лявонція Пятровіча, заваявана 35 медаляў на Чэмпіянатах СССР, Еўропы і Свету. За больш чым 55 гадоў плённай працы трэнерам у Гродна створана не проста школа барацьбы, а адна з лепшых у рэспубліцы. Доўгія гады працаваў трэнерам зборнай каманды краіны па вольнай барацьбе.

Не гледзячы на свой ўзрост, Лявонцій Пятровіч працягвае паспяхова працаваць на блага гродзенскага і беларускага спорту. Сярод яго выхаванцаў акадэмікі, дактары і кандыдаты навук, старшыні калгасаў і прадпрыемстваў, таленавітыя арганізатары фізкультурнага руху на Гродзеншчыне. Лявонцій Пятровіч пачынаў правядзенне ў г.Гродна турніру імя Дмітрыя Міхайлавіча Карбышава, які ў наступстве стаў Усесаюзным, майстэрскім турнірам. Пад яго апекай пачынаўся мемарыял Героя Савецкага Саюза Івана Сяргеевіча Ёлкіна, і шэраг іншых спаборніцтваў. Ён па праве лічыцца родапачынальнікам барацьбы на Гродзеншчыне.