Новости

25 января 2016
"Дыялог з часам”

Гродзенская выставачная зала запрашае 27 студзеня ў 17 гадзін на вернісаж персанальнай выставы жывапісу Мікалая Бандарчука "Дыялог з часам”.

Адрас: вул.Ажэшкі, 38, тэл.72-07-42

Выстава будзе працаваць з 27 студзеня па 12 лютага.

Графік працы:
з 10.00 да 19.00
выхадны - панядзелак.

Кошт квітка:
дзіцячы - 10.000 бел.руб.
студэнцкі - 15.000 бел.руб.
дарослы - 20.000 бел.руб.
уваход на вернісаж бясплатны.

Мы будзем рады ўбачыць Вас у ліку нашых гасцей!!!

Бандарчук Мікалай Трафімавіч нарадзіўся 25.10.1952 года ў вёсцы Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

З 1965 па 1971 год вучыўся ў Рэспубліканскай школе – інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву у горадзе Мінску.

Мікалай Трафімавіч Бандарчук скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у 1976 годзе. Працуе ў станковым жывапісе і ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Удзельнік мастацкіх выставак з 1965 года. Член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” з 1985 года.

М.Т.Бандарчук распрацаваў і выканаў на архітэктурных аб’ектах у горадзе Гродна трыццаць вітражоў, два роспісы. Сярод іх: вітраж “Тэатр Бураціна” у дзіцячым садку № 63 (1981); вітражы “Залатая рыбка”, “Птушка шчасця”, “Кот у ботах” у дзіцячым садку № 72 (1983); вітражы “Флора”, “Фаўна”, “Рух мікрасвету” у Абласной клінічнай бальніцы (1985); вітраж “Канструктыўнасць” на заводзе жалезабетонных канструкцый (1990) і інш.

Мастак актыўна працуе ў розных жанрах станковага жывапісу: нацюрморце, пейзажы, партрэце. Асобнае месца ў творчасці М.Т.Бандарчука займаюць творы на ваенна-патрыятычную тэматыку, якія падкрэсліваюць веліч гістарычнай памяці. Мастак стварыў своеасаблівы рэквіем аб вайне: “Дот” (1984), “Крах” (1985), “Рэха вайны” (1988), “Гераічны шлях ветэрана” (2014). Серыя партрэтаў механізатараў, пераможцаў рэспубліканскіх фестываляў “Дажынкі 1999” Іосіфа Калантая і “Дажынкі 2006” Леаніда Дарашкевіча і Сяргея Лонга, сведчыць аб прафесіяналізме і таленце мастака. Яго лірычныя і эпічныя пейзажы адрозніваюцца канструктыўнай яснасцю, экспрэсіяй формы.
М.Т.Бандарчук – адзін з тых мастакоў, у творчасці якіх праяўляецца бесперапыўны пошук выразных сродкаў і прыёмаў, якія дазваляюць гарманічна адлюстраваць светапоглядныя ідэялы часу і раскрыць характар перамен, якія пануюць у сучасным мастацкім працэсе. Сярод твораў апошніх гадоў: “У майстэрню да скульптара” (2002), “Першы снег” (2003), “Мінулае” (2004), “Апакаліпсіс” (2005), “Сонечны бераг” (2011), “Пчаляр” (2011), “У гарах” (2012), “Букет для Мар’яны” (2013), “Чаканне” (2013), “Жыровічы” (2014), “Дарога да храма” (2014), “Абаронца Севастопаля” (2014) і інш.

М.Т.Бандарчук – актыўны ўдзельнік рэспубліканскіх, усесаюзных, міжнародных, замежных выставак. Творы мастака дэманстраваліся ў Беларусі, Расіі, Германіі, Літве, Польшчы, Украіне, Эфіопіі і інш. На творчым рахунку мастака – 17 персанальных выстаў, якія прайшлі ў Гродна (1994, 1997, 2012, 2012, 2013), Гомелі (1998, 2014), Лідзе (2000), Мінску (2003, 2014), Алітусе (Літва, 2012), Мазыры (2013), Светлагорску (2013), Бабруйску (2013), Чычэрску (2014), Лельчыцах (2015), Віцебску (2015).

Мастак быў удзельнікам шматлікіх міжнародных жывапісных пленэраў у Літве, Польшчы,Украіне, Беларусі.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў, музеі імя М.Чурлёніса ў Літве, мастацкай галерэі “Арсенал” Беластоцкага ваяводства, Міністэрстве культуры Польшчы, музеі імя І.Я.Рэпіна ў Чугуеве (Украіна), фондзе Саюза мастакоў г. Адэсы (Украіна), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі, Іспаніі, Францыі, Італіі.

Актыўную творчую дзейнасць М.Т.Бандарчук больш за дваццаць гадоў спалучае з педагагічнай. Пяць гадоў ён выкладаў на пасадзе прафесара кафедры выяўленчага мастацтва ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. У 1996 годзе надрукаваў вучэбны дапаможнік “Тэхналогія, тэхніка і майстэрства алейнага жывапісу”, вучэбна-метадычныя рэкамендацыі “Асновы колеразнаўства і жывапісу” і “Асновы мастацтва малюнка”. З 1998 года выкладае ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. За гэты час чатырнаццаць вучняў М.Т.Бандарчука, навучэнцаў каледжа, сталі лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыянтамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

М.Т.Бандарчук – лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Выкладчык года” (2005).

М.Т.Бандарчук прымае актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці. У 2011 годзе ён быў абраны старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”. За гэты час ён арганізаваў і правёў тры міжнародныя пленэры “АРТ-Гродна” імя С.Ю.Жукоўскага, славутага мастака з Гродзеншчыны, на якіх працавалі таленавітыя маладыя мастакі разам з вядомымі мастакамі з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны. Мастак з’яўляецца членам Прэзідыума і Рады Беларускага саюза мастакоў.

М.Т.Бандарчук узнагароджаны медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага саюза мастакоў (2006), Граматай Прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў (2008), Ганаровай Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2010), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2013), дзяржаўнай ўзнагародай Рэспублікі Беларусь медалём Францыска Скарыны (2015).

Творчая, педагагічная і грамадская дзейнасць мастака Мікалая Трафімавіча Бандарчука з’яўляецца значным укладам у выяўленчае мастацтва Беларусі.