Новости

28 марта 2016
Былы міністр інфармацыі Беларусі сустрэўся з гродзенскімі чытачамі

22 і 23 сакавіка ў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” прайшлі творчыя вечары беларускага пісьменніка, крытыка, перакладчыка, публіцыста Анатоля Бутэвіча.

Анатоль Іванавіч працуе ў сферы дзіцячай літаратуры, гістарычнай, публіцыстыкі, крытыкі, у галіне перакладу.

У свой час Анатоль Бутэвіч займаў пасаду міністра інфармацыі, міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь, быў Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Румыніі і мае ступень кандыдата навук у галіне інфармацыйных тэхналогій. Зараз Анатоль Іванавіч займае пасаду намесніка старшыні Беларускага фонду культуры і намесніка старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

22 сакавіка Анатоль Іванавіч у чытальнай зале аддзела перыядычных выданняў падзяліўся са слухачамі сваім бачаннем некаторых гістарычных падзей, якія знайшлі адлюстраванне ў яго мастацкіх творах, а таксама ў выданнях гістарычнага накірунку і расказаў пра планы на будучыню.

23 сакавіка ў дзіцячым філіяле бібліятэкі пісьменнік сустрэўся са сваімі маленькімі чытачамі. Ён растлумачыў, як простыя назіранні за навакольным асяроддзем могуць ператварыцца ў цудоўную казку. Анатоль Іванавіч адказаў на шматлікія пытанні прысутных і падказаў дзецям, куды абавязкова трэба наведацца з экскурсіяй, каб ведаць самыя цікавыя рэчы пра свой родны край.

Анатоль Іванавіч наведаў мемарыяльны пакой Элізы Ажэшкі і перадаў бібліятэцы свае пераклады твораў сусветна вядомай пісьменніцы з Гарадзеншчыны.

Супрацоўнікамі аддзела абанемента і дзіцячага філіяла былі падрыхтаваны кніжныя выставы: “Таямніцы гісторыі ў творах Анатоля Бутэвіча” і “У гасцях у вечнасці”, на якіх былі прадстаўлены творы пісьменніка і матэрыялы пра яго грамадскую дзейнасць.

Пишет «Гродненская правда»